
Сонейка Вам на талерцы –
Самы прыгожы блiнок!
Светла так стала на сэрцы
Сёння, у веснi дзянёк!
Iдзе прыемная духоўная вясна па свеце… I, нягледзячы на тое, што пакуль зранку заўважна шчыпае прахалодка, але народ Божы рупліва спяшаецца-сцякаецца ў храм на малітву, асаблiва ў святочны дзень – Нядзелю. А 2 сакавіка Нядзеля выдалася сапраўды незвычайная – Даравальная, калi напярэдаднi Вялiкага посту, духоўнай вясны, хрысціяне ўсяго свету просяць прабачэння-даравання не толькi ў самых родных i блiзкiх, але ў кожнага чалавека – свайго блiжняга! Звяртаюцца адзін да аднаго са словамі, надзвычай шчырымі, зразумелымi, простымі, ад усёй абуджанай і расчуленай душы: “Даруйце мне! Бог даруе! І я дарую!”
Так у нашым родным храме з самага ранку ўрачыста i кранальна былi адслужаны дзве Боскiя Лiтургii. Позняя Лiтургiя завяршылася вячэрняй з чынам даравання. Свяшчэннiкi i прыхаджане, усе часцiнкi Цела Хрыстова злітаваліся-злучыліся ў роднай царкоўнай сям'i, прыняўшы Святыя Хрыстовыя Тайны, узнеслі падзяку і папрасiлi адзiн у аднаго прабачэння! Пад цёплыя малiтоўныя спевы хору жывы ручаёк iмкнуўся далей і далей па храме, а слёзы замiлавання ззялi на вачах!
Самых маленькiх прыхаджан, iх бацькоў i настаўнiкаў у Нядзельнай школе ўжо па добрай традыцыі чакала i вітала свята Масленiцы, вабіла і захапляла цiкавымi задачкамі-гульнямi, карыснымі духоўнымi размовамi са свяшчэннiкамi, павучальнымi мультфiльмамi i прыгатаванымі з любоўю прысмакамі, сярод якiх, канечне, іскрыўся галоўны ласунак – румяныя сонейкi на талерцы, салодкiя, угору пышна, пухла ўзнятыя блiны – словам, такiя, як «Ранiцай у Нядзельку» ў народнага паэта! Шчаслiвыя маленькія i дарослыя – усе аднолькава любімыя Божыя дзеці – цудоўна сустрэлі духоўную вясну, адчулі яе на пах і смак, і ў лёгкім дотыку Вялiкай Божай Любовi, і ў таямнічай прысутнасці Цiхага Святла, што струменiлася над кожным з вышынi куточка ў светлым класе, з намоленага залатога акенца святой іконы Збавiцеля i Госпада нашага Iiсуса Хрыста!
Вялiкi пост вясною пачынаецца –
Так павялося! Скажаце, чаму?
Душа з прыродай разам прачынаюцца,
Вясна змяняе сумную зiму.
У гэты час нам важна засяродзiцца,
Iсцi насустрач сонейку, святлу.
З пупышачкi лiсток зялёны родзiцца,
Аздобiць нашу простую зямлю.
I кожная часцiнка свету Божага
Павiнна раскрывацца, зiхацець
I талентамi-скарбамi прыгожымi
Сярод вясны цудоўна расквiтнець!
Ніка Смолка








