ВЯРТАЮЦЦА ДЗЕЦI ДА БОГА
Апошнi званок велiкодным заве перазвонам:
Нядзельная школа, цудоўная школа, бывай!
А храм - Божы Дом - стаў для кожнага з нас родным домам!
За гэта, настаўнiкi мудрыя, дзякуем Вам!
На кожным уроку вы нас атулялi любоўю,
Абняўшы за плечыкi - так суцяшалi дзяцей!
Маленькiх за ручку прыводзiлi ў храм за сабою.
I, пальчык прыклаўшы да вуснаў, прасiлi: "Цiшэй!"
На службе святой у прыгожай святлiцы Хрыстовай
На вушка тлумачылi ўсё, што маглi мы спытаць,
Каб добрым зярняткам патрапiла Божае Слова,
Каб сэрцайкi нашы спяшалiся Радасць прыняць!
Агульную мову вы з намi з дзiцячым народам,
Займелi, асвоiлi - светлы адкрылi нам шлях!
А перад Прычасцем -
сустрэчай з Хрыстом - Жывым Богам -
Складалi далонькi крыж-накрыж у нас на грудзях!
I зараз насустрач усмешка, як сонейка, ззяе:
Звяртаюцца родныя дзецi з паклонам да вас!
Шкада, што маленства пара неўзабаве мiнае...
Але не мiнае Хрыстос! Ён яднае ўсiх нас!
Няхай не сцiхае - заве перазвон урачысты!
Нядзельная школа сваiх не губляе сяброў!
На крылах любовi з адкрытай душой, сэрцам чыстым
Вяртаюцца дзецi да Бога, як птушкi дамоў!
Словамі верша паэткі Вікторыі Смолкі, выкладчыцы нашай нядзельнай школы, звярнуліся да прысутных выпускнікі сёлетняга года. Урачыстасць адбылася ў нядзелю 18-га мая пасля Літургіі. Павіншаваць дзяцей з заканчэннем навучання прыйшлі бацькі , настаўнікі і вучні другога і трэцяга класаў, прыхаджане.
Пасведчанні аб засваенні чатырохгадовай праграмы і заканчэнні школы, а таксама памятныя падарункі ад прыхода і бацькоў уручылі святары храма. З вітальным словам звярнуўся да выпускнікоў і настаўнікаў настаяцель храма пратаіерэй Валерый Барычэўскі. Ён падзякаваў настаўнікам за іх адданасць справе выхавання, развіцця і адукацыі. Айцец Валерый выказаў спадзяванне, што сёлетнія выпускнікі застануцца членамі нашай прыхадской сям’і.
Цёплымі, кранальнымі словамі павіншавалі сваіх вучняў настаўнікі Гайдук Марына Мікалаеўна і Ванюхіна Яўгенія Ігараўна.
Ад імя бацькоў выказалася Болбат Вольга Сцяпанаўна. Словы падзякі прагучалі ў адрас святароў, настаўнікаў, прыхаджан, якія з любоўю і цярпеннем ставіліся да, магчыма, не заўсёды ціхіх і спакойных на Літургіі дзяцей.
Святочнай падзеі папярэднічаў выпускны экзамен, які адбыўся 11-га мая. Хваляваліся ўсе: дзеці, настаўнікі, бацькі. Адказы выпускнікоў прадэманстравалі трывалыя веды, свабоднае валоданне матэрыялам, разуменне асноў хрысціянскага веравызнання.
Сёлетнія выпускнікі былі актыўнымі ўдзельнікамі школьных ранішнікаў, віншаванняў прыхаджан у храме з Вялікаднем і Нараджэннем Хрыстовым, конкурсаў. Неаднаразова выступалі на сцэне Епархіяльнай ёлкі. Спадзяёмся, што яны стануць удзельнікамі скаутскага руху, які ўжо не першы год дзейнічае на нашым прыходзе і акармляецца іерэем Георгіем Панфілавым.