Падзяліцца Велікоднай радасцю, павіншаваць прыхаджан і святароў сабраліся ў Антыпасху вучні нядзельнай школы нашага прыхода. Пасля Літургіі ў Фаміну нядзелю адбылося выкананне паэтычнага міні-спектакля “Ішоў уваскрэслы Хрыстос”.
Сцэнарый склала настаўніца нядзельнай школы паэтка Вікторыя Смолка яшчэ ў студзені, і ў хуткім часе пачалася падрыхтоўка да выступлення. Рэпетыцыі праводзіліся амаль кожны тыдзень, таму была магчымасць звярнуць увагу і на выразнасць выканання, і на жэсты і міміку юных акцёраў.
Пачалося выступленне з выканання трапара Вялікадня. Аповед пра тое, як сустракала ўваскрэслага Хрыста ўсё жывое, гучаў кранальна і святочна-ўрачыста.
Пасля звонкай дзіцячай песні, прысвечанай святу, прагучаў верш В.Смолкі “Вялікдзень – Пасха Божая”. Паэтычнай мовай надзвычай ярка перададзены настрой чакання цуда ўваскрасення Хыста.
У фінале выступлення ізноў прагучаў трапар Пасхі.
Свята працягнулася ў памяшканні нядзельнай школы, дзе за святочным сталом сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі і святары храма. Віктарына, конкурсы, гульні, узгадванне традыцый Вялікадня стварылі атмасферу сапраднай сямейнай урачыстасці